ДЗЯРЖА́ЎНЫЯ ІНСПЕ́КЦЫІ,

спецыяльныя дзярж. органы, якія ажыццяўляюць функцыі нагляду і кантролю за выкананнем прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, службовымі асобамі і грамадзянамі пэўных правіл, устаноўленых прававымі актамі: санітарных, ветэрынарных, проціпажарных, правіл гандлю, рыбнай лоўлі, руху аўтамотатранспарту, тэхнікі бяспекі і да т.п. У Рэспубліцы Беларусь Дз.і. з’яўляюцца самаст. сістэмамі органаў або ўключаюцца ў сістэму мін-ва ці дзярж. к-та (напр., гандл. інспекцыя, дзярж. аўтаінспекцыя і інш.). Кантрольныя і наглядальныя паўнамоцтвы Дз.і. пашыраюцца на ўсе прадпрыемствы, установы і арг-цыі, незалежна ад іх ведамаснай падначаленасці. Службовыя асобы Дз.і. правамоцныя наведваць аб’екты, якія кантралююць, патрабаваць прад’яўлення неабходных дакументаў, праводзіць праверкі, ужываць у неабходных выпадках меры адм. ўздзеяння (забараніць або абмежаваць эксплуатацыю аб’екта, прыпыніць работы, адхіліць асобу ад работы, накласці штраф, вынесці папярэджанне і г.д.). На Беларусі дзейнічаюць Дз.і.: у галіне выкарыстання паліўна-энергет. і інш. матэрыяльных рэсурсаў; у галіне фінансаў, буд-ва, гандлю, санітарыі, стандартызацыі, па ахове нетраў, каранціне раслін, якасці прадукцыі, па котланаглядзе, рыбаахове, прабірным наглядзе і інш. У функцыі тэхн. і сан. Дз.і. уваходзіць таксама выдача дазволаў на пуск у эксплуатацыю прамысл. прадпрыемстваў. іх цэхаў і інш. аб’ектаў.

Разам з Дз.і. дзейнічаюць тэхн. інспекцыі працы і прававая інспекцыя працы прафсаюзаў, на якіх ускладзены кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і правіл па ахове працы і тэхнікі бяспекі.

т. 6, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)